ДЗЯРЖА́ЎНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР РАСІ́І.
Створаны ў Маскве ў 1936 на аснове 1-й сімф. брыгады Усесаюзнага радыё, пазней наз. Дзярж. сімф. аркестр Саюза ССР, з 1972 акадэмічны, з 1991 сучасная назва. Сярод кіраўнікоў: А.Гаўк, Н.Рахлін, К.Іваноў. З 1965 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Я.Святланаў. Ў рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод найб. значных дасягненняў калектыву выкананне ў канцэртах і запіс Анталогіі рус. музыкі, усіх сімфоній Г.Малера і інш. Аркестр — першы выканаўца многіх буйнейшых твораў М.Мяскоўскага, Ю.Шапорына, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, Дз.Кабалеўскага, Г.Свірыдава, Ц.Хрэннікава, Ш.Мшвелідзе, М.Пяйко, А.Пятрова, М.Кажлаева, Я.Раэтса, А.Пярта, С.Сланімскага, С.Цынцадзе і інш. З ім выступалі вядомыя айч. і замежныя музыканты: дырыжоры М.Галаванаў, С.Самасуд, Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, Б.Хайкін, К.Кандрашын, Г.Раждзественскі, Э.Клайбер, О.Фрыд, А.Клюітэнс, Г.Абендрот, Ф.Канвічны, Ш.Мюнш, Л.Мазель, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, С.Рыхтэр, А.Фішэр, М.Лонг, Г.Чэрны-Стэфаньская, скрыпачы Л.Коган, Д.Ойстрах, І.Менухін, І.Стэрн і інш. Выкананне аркестра адметнае эмацыянальнасцю, глыбінёй і маштабнасцю гучання, бліскучым майстэрствам і бездакорным пачуццём стылю, высокай культурай і артыстызмам.
Літ.:
Сидельников Л. Государственный академический симфонический оркестр Союза ССР. М., 1986.
т. 6, с. 155